"А цяпер мы возьмем іголачку і нітачку і паспрабуем залатаць дзірачку", -
казала я сабе, пасля тае самае каталіцкае працэсіі крочачы ў напрамку майго ўлюблёнага паба.
Адкуль падчас праходжання працэсіі даносіўся нездаровы рогат.
Калі б то было яшчэ з боку звычайнага бару...
Але ў "Корнуоле" збіраюцца аматары рока і медыевальнай рэканструкцыі.
Мне было да слёз крыўдна за субкультуру.
Каму-каму, а мне, праваслаўнаму апалагету рока і іншых прыемных і гожых рэчаў, такая рэакцыя была ну зусім не даспадобы і гразілася пахіснуць мае дабрадушныя развагі пра субкультуры.
Малілася, канешне, каб дзейнічаць адпаведным чынам.
Падышла, і, ўбачыўшы першы знаёмы твар, запыталася, што за халера. Чаму раздаваўся рогат.
Знаёмы растлумачыў свайму знаёмаму, што я з Беларусі - гэта і тлумачыла, паводле ягонага меркавання маю рэакцыю. Ну, яшчэ нешта сказаў пра тое, што каталіцызм - нэта старое. Я зрабіла заўвагу, што справа тут нават не ў поглядах, а ў звычайнай павазе. Падчас таго тлумачэння ўзніклі слёзы - ну, я ўмею ў патрэбны момант расплакацца, як Сталін на пахаванні Кірава. Дакладней, маё няўменне стрымаць слёзы часам грае добрую ролю ў перакананні суразмоўцы. Ці хаця б эстэтычную ролю.
У той момант атмасфера ў пабе была не настолькі размоўна-медытатыўнай, каб працягваць тэму. І я вырашыла адкласці яе на наступны дзень.
Думала, прыду неяк удзень, калі спакойна. Пагавару. З патронам, з заўсягдатаямі, - распытаю, што канкрэтна адбылося, ці многа народу па-дурному зарагатала, калі праходзіў Крыжовы Шлях, і спакойна растлумачу, чаму я лічу такую з'яву непрымальнай.
Бо гэта не клуб сатаністаў і не месца, куды прыходзяць тупа выпіць і падзабавіцца. Я прычасная да субкультуры гэтага барчыка, - прынамсі, прыходжу туды, каб павязаць кручком. Атмасфера распалагае да творчасці. І не буду бяз бою пасылаць яе (субкультурку) да д'ябла (ці здаваць яе д'яблу).
Былі думкі і пра тое, каб з тае нагоды вывесіць невялікую аб'яўку з маім меркаванням. Гэта трансфармавалася ў больш здарова-стандартную ідэю, рэалізаваную як пост на старонцы паба ў Фэйсбуку:
"Шаноўныя сябры,
Я надзвычай люблю "Корнуол" за ягоную натхняльную атмасферу. Для мяне гэта месца, куды прыходзяць не проста выпіць, але і каб пакамунікаваць і паслухаць добрую музыку; дзе гавораць не для таго, каб проста пагаварыць абы аб чым, але каб нешта сказаць...
Я была сапраўды расчараваная, калі пачула дурны смех падчас праходжання каталіцкай працэсіі Крыжовага Шляху. Я ўдзельнічала ў гэтай працэсіі і магу сказаць, што "Корнуол" аказаўся адзіным месцам, дзе рэакцыя была неадэкватнай!
У пэўным сэнсе, гэта праблема не рэлігіі. Гэта праблема звычайнае чалавечае павагі. У нас могуць быць якія-заўгодна погляды і адносіны да рэлігіі. Але трэба як мінімум паважаць іншых".
Тры чалавекі з групы "Корнуола" гэты пост "лайкнулі".
На наступны дзень я запыталася ў патрона, што за халера. Ён хмыкнуў, - як я зразумела, ён падзяліў маю думку, што гэта было дурное (у сэнсе, смех). І ён падцьвердзіў, што рагаталі не ўсе. Падаецца, сказаў, што два-тры чалавекі.
Дзірка залатаная. Можна спакойна прыходзіць піць каву (і інш.), - што і раблю.
Мяркую, як правіла, лічыць якуюсьці субкультуру добрай ці дрэннай - памылка. Субкультурка складаецца з розных людзей, ва ўсіх іх свае погляды. Калі б быў перачань, напрыклад, асноўных прынцыпаў Гота (Металіста, Хіпі і гд), - гэты перачань можна было б з маральнай пазіцыі ацаніць. Але калі такія перачні і ёсць, то яны адбіваць, зноўку ж, толькі суб'ектыўнае меркаванне пэўных прадстаўнікоў. Сама ж субкультура (ну, калі яна раптам не аб'яднаная вакол нечага прынцыпова дрэннага, напрыклад культу сатаны ці порна ці яшчэ чаго), колькі б у яе складзе не было небяспечных рэчаў - ня дрэнная. Як і не добрая. Яна не ратуе. Але і ня губіць (сама па сабе). Яна можа ўтрымліваць рэчы нейтральныя, рэчы, поўныя святла і дабрыні, - і рэчы, напоеныя цемрай. Прычым тое, другое і трэцяе можа быць вельмі падобным па стылістыцы і, напрыклад, аб'яднаным пад вокладкай аднаго МР3-ска...
Авва Дарафей казаў пра сумленне ў адносінах да матэрыяльных рэчаў. Мяркую, што калі нават да матэрыяльных рэчаў варта ставіцца з беражлівасцю - тым больш да культурных рэаліў, якія нам самім могуць быць па барабану (як мне рэп, напрыклад), але камусьці - вельмі дарагія. І не рубіць з пляча.
Паверце, спадары аматары паразважаць пра "дэструктыўныя" рэчы, - камусьці ад вашых "рубак з пляча" можа быць балюча. А то і вельмі, вельмі траўматычна (тут я ўспамінаю сваё ўвацэркаўленне - але гэта іншая гісторыя...).